Склад знаходзіцца ў пасёлку Кзыл Ваўчкоў, прыкладна за 30 кілямэтраў ад месца зборкі «Шахедаў». На кадрах атакі відаць, што дрон уразіў будынак лягістычнага хаба, узьнік пажар.
У спэцслужбе Ўкраіны падкрэсьлілі, што Расея кожную ноч атакуе Ўкраіну з дапамогай «Шахедаў», таму склады такіх дронаў лічацца законнай ваеннай мэтай.
Украінскі тэлеграм-канал Exilenova+ апублікаваў некалькі відэазапісаў удару па лягістычным тэрмінале каля Кзыл Юла, які, мяркуючы па фота з адкрытых крыніц, супадае з месцам на відэа.
Мінабароны Расеі паведаміла, што раніцай 9 жніўня ў Татарстане зьбіты тры ўкраінскія бесьпілётнікі. Улады рэспублікі паведамілі, што абломкі дронаў знойдзены на будаўнічай пляцоўцы ў Тукаеўскім раёне. Па дадзеных СБУ, менавіта там знаходзіцца лягістычны тэрмінал.
Аб пацярпелых не паведамляецца.
Улады Татарстана абверглі інфармацыю аб тым, што дроны атакавалі асаблівую эканамічную зону, дзе вырабляюцца дроны «Шахед».
У Белгарадзкай вобласьці Расеі сёньня пры атацы ўкраінскіх бесьпілётнікаў загінулі два чалавекі. Таксама 9 жніўня ў Краснадарскім краі ў Славянску-на-Кубані ў выніку падзеньня на аўтамашыну абломкаў бесьпілётніка, зьбітага расейскай СПА, раненьні атрымала мясцовая жыхарка. Пра гэта паведаміў губэрнатар Краснадарскага краю Веньямін Кандрацьеў.
У Растове-на-Доне пасьля атакі бесьпілётніка позна ўвечары 8 жніўня ўведзены рэжым надзвычайнай сытуацыі. Дрон здэтанаваў на ўзроўні 18 паверха, выклікаўшы пажар у нежылой кватэры 20-павярховага жылога дома.
Форум