МЗС Азэрбайджана ўпершыню апублікаваў тэкст парафіраванага мірнага пагадненьня паміж Баку і Ерэванам, які складаецца з 17 пунктаў.
Згодна з дакумэнтам, бакі адмаўляюцца ад прымяненьня сілы адзін супраць аднаго, правядуць дэлімітацыю мяжы на базе асобнага пагадненьня, а таксама створаць сумесную камісію для кантролю за выкананьнем мірных пагадненьняў.
«Бакі ў сваіх узаемаадносінах устрымліваюцца ад прымяненьня сілы або пагрозы яе прымяненьня супраць тэрытарыяльнай цэласнасьці або палітычнай незалежнасьці або якім-небудзь іншым чынам», — гаворыцца ў пагадненьні.
Дамова прадугледжвае адмову ад разьмяшчэньня трэціх сіл на мяжы дзьвюх краін.
Пасьля ўступленьня дамовы ў сілу Азэрбайджан і Армэнія маюць намер адклікаць пададзеныя адзін супраць аднаго ў міжнародныя суды скаргі.
У пятніцу 8 жніўня ў Вашынгтоне прэзыдэнт Азэрбайджану Ільхам Аліеў і прэм’ер-міністар Армэніі Нікол Пашыньян падпісалі рамачнае пагадненьне аб стварэньні транспартнага калідору, які злучае Азэрбайджан зь яго Нахічэванскім эксклявам.
ЗША, якія выступілі пасярэднікам пры падпісаньні гэтага пагадненьня, атрымалі права на разьвіцьцё калідору паміж Азэрбайджанам і Нахічэваньню, адсутнасьць якога была галоўнай перашкодай на шляху да заключэньня мірнай дамовы.
Форум