Белстат: цэны на тавары і паслугі працягваюць расьці

Адна з крамаў у Менску. Ілюстрацыйнае фота

У Нацыянальным статыстычным камітэце Беларусі паведамілі, што спажывецкія цэны на тавары і паслугі ў ліпені вырасьлі на 0,2%, а інфляцыя з пачатку году склала 7,6%.

Як адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні Белстату, найбольш у ліпені вырасьлі цэны на паслугі — на 0,7 % (з пачатку году на 6,7 %).

Харчовыя тавары падаражэлі ў ліпені на 0,02 % (з пачатку году на 7,3 %), а нехарчовыя — на 0,1 % (з пачатку году на 2,4 %).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму ў Беларусі адны тавары даражэюць, а іншыя таньнеюць і пры чым тут рэгуляваньне цэнаў

Адпаведна з падпісанымі Лукашэнкам прагнознымі парамэтрамі эканамічнага разьвіцьця Беларусі на 2025 год «мэтавая задача абмежаваньня інфляцыі прадугледжваецца на ўзроўні, не вышэйшым за 5%».

Беларусь з паказьнікам 5,16% заняла сёмае месца ў росьце спажывецкіх цэн за 2024 год на тэрыторыі былога СССР.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Было 24-е месца, стала 32-е. Незалежныя экспэрты кажуць пра маніпуляцыі афіцыйнымі зьвесткамі для рэйтынгу Беларусі ва ўстойлівым разьвіцьці

Пасьля 2020 года Белстат адмовіўся ад публікацыі многіх дадзеных, у тым ліку, пра нараджальнасьць, сьмяротнасьць, гандлёвы абарот з шэрагам краінаў.

Незалежныя экспэрты сьцьвярджаюць, што ўлады маніпулююць афіцыйнымі зьвесткамі, якія накіроўваюць у ААН і іншыя міжнародныя арганізацыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Белстат расказаў, колькі беларусаў давярае яго статыстыцы. Дасьледаваньне рабілі самі


  • Жорсткае рэгуляваньне цэнаў у Беларусі ўвялі ў кастрычніку 2022 году. Яно датычыцца ўсяго спажывецкага кошыку. Пазьней з тэматычнай пастановы ўраду выключылі некаторыя групы тавараў і падкарэктавалі правілы рэгуляваньня цэнаў. З восені 2024 году Савет Міністраў рыхтуе зьмякчэньне правілаў.
  • 10 лютага кіраўнік Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю Карповіч паведаміў, што ў 2024 годзе вытворцы больш за тысячу разоў прасілі аб павышэньні цэнаў — у выніку выдалі 572 дазволы на гэта.
  • На тэматычнай нарадзе 28 лютага Аляксандар Лукашэнка даручыў ураду да красавіка вызначыцца з новай сыстэмай рэгуляваньня цэнаў. Паводле яго, у Беларусі цэны «найніжэйшыя ў сьвеце».