Азэрбайджан дапаможа Ўкраіне энэргетычным абсталяваньнем і можа разблякаваць вайсковую дапамогу

Прэзыдэнт Азэрбайджану Ільхам Аліеў. Архіўнае фота

Прэзыдэнт Азэрбайджану Ільхам Аліеў падпісаў распараджэньне аб выдзяленьні Ўкраіне гуманітарнай дапамогі на 2 мільёны даляраў.

Як адзначаецца ў апублікаваным дакумэнце, улады Азэрбайджану маюць намер перадаць Украіне электрычнае абсталяваньне.

Адначасова блізкія да атачэньня Ільхама Аліева Telegram-каналы паведамілі аб магчымасьці скасаваньня забароны на пастаўку ўзбраеньня ва Ўкраіну, заўважыў праект Радыё Свабода «Эхо Кавказа».

Гэта адбылося пасьля таго, як расейскія войскі нанесьлі некалькі ўдараў па аб’ектах ва Ўкраіне, зьвязаных з Азэрбайджанам.

У ноч на 6 жніўня расейскія войскі атакавалі кампрэсарную станцыю Апэратара ГТС Украіны ў Адэсе. Гэты аб’ект забясьпечвае пастаўкі газу з LNG-тэрміналаў Грэцыі на ўкраінскія газасховішчы і задзейнічаны ў маршруце паставак LNG з ЗША і газу з Азэрбайджану.

У ноч на 8 жніўня ў выніку расейскага ўдару пашкодзіла нафтабазу азэрбайджанскай Socar у Адэскай вобласьці. У выніку пацэльваньня пяці расейскіх дронаў адбыўся пажар, пашкоджаньні атрымаў дызэльны трубаправод. Чатыры супрацоўнікі кампаніі былі цяжка параненыя.

Раней расейскія войскі атакавалі паблізу Арлоўкі ў Адэскай вобласьці газаразьмеркавальную станцыю, якая зьяўляецца ключавым элемэнтам Трансбалканскага газаправоду, па якім сёлета ў чэрвені Ўкраіна пачала атрымліваць азэрбайджанскі газ.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Азэрбайджан і Армэнія падпісалі мірную ўгоду пры пасярэдніцтве Трампа