Кіраўніца эўрапейскай дыпляматыі: Рэпрэсіі ў Беларусі непрымальныя і павінны быць спыненыя
Неадкладна вызваліць усіх палітвязьняў, спыніць рэпрэсіі і пачаць інклюзыўны нацыянальны дыялёг заклікала беларускія ўлады кіраўніца эўрапейскай дыпляматыі Кая Калас з нагоды пятай гадавіны прэзыдэнцкіх выбараў-2020.
«Беларусь таксама павінна спыніць падтрымку незаконнай вайны Расеі супраць Украіны», —падкрэсьліла яна.
Калас заявіла аб салідарнасьці зь беларускім народам і паведаміла, што з 2020 года ЭЗ выдзеліў 170 млн эўра на падтрымку беларускай грамадзянскай супольнасьці, незалежных СМІ і ахвяраў рэпрэсій.
ЭЗ працягне падтрымліваць беларускі народ на яго шляху да дэмакратыі столькі, колькі спатрэбіцца, і ўводзіць санкцыі супраць тых, хто душыць дэмакратыю і парушае правы чалавека, падкрэсьліла прадстаўніца ЭЗ.
Кіраўнік МЗС Літвы: Лукашэнка паступова прадаў беларускі сувэрэнітэт Расеі
Падзеі 9 жніўня 2020 года былі «манумэнтальным грамадзянскім абуджэньнем», якое ледзь не зрынула рэжым Лукашэнкі і нагадвае пра дэмакратычную Беларусь, якая змагаецца цяпер пад таталітарным праўленьнем, заявіў міністар замежных спраў Літвы Кястуціс Будрыс.
Паводле яго слоў, дзяржаўная прапаганда малюе Лукашэнку геапалітычным геніем, які балянсуе паміж Усходам і Захадам дзеля ўмацаваньня беларускай незалежнасьці за любы кошт. У рэальным сьвеце, мяркуе кіраўнік літоўскай дыпляматыі, Лукашэнка «паступова прадаў беларускі сувэрэнітэт Расеі, у тым ліку крытычна важную інфраструктуру і ўзброеныя сілы».
Член Хэльсынкскай камісіі ЗША, спэцпрадстаўнік ПА АБСЭ па палітвязьнях Стыў Коэн выступіў з заявай, у якой вітаў нядаўняе вызваленьне групы палітвязьняў і адзначыў, што іх агульная колькасьць практычна не зьмянілася — больш за 1 тысячу.
Коэн заклікаў Менск неадкладна вызваліць усіх палітзьняволеных і спыніць выкарыстаньне судовай сыстэмы ў якасьці інструмэнта рэпрэсій, піша інфармацыйнае агенцтва Позірк.
Кіраўнік МЗС Эстоніі: надзея на дэмакратычную Беларусь не страчаная
Міністар замежных спраў Эстоніі Маргус Цахкна адзначыў, што Лукашэнка захаваў сваю жалезную хватку і за апошнія гады сьвет убачыў сапраўдны твар ягонага рэжыму, які працягвае падтрымліваць жорсткую, агрэсіўную вайну Расеі супраць Украіны, адначасова выкарыстоўваючы міграцыйны ціск на Эўропу ў якасьці зброі. У той жа час, на думку Цахкны, надзея на дэмакратычную Беларусь ня страчаная, а падтрымка беларускіх дэмакратычных сіл Эстоніяй застаецца непахіснай. Беларусы павінны быць вызваленыя ад страху і рэпрэсій, а іх краіна павінна стаць часткай сям’і дэмакратычных эўрапейскіх нацый.
Партыя эўрапейскіх кансэрватараў і рэфармістаў у Эўрапарлямэнце падкрэсьліла, што адважны народ Беларусі працягвае змагацца за лепшую будучыню, у якой дэмакратыя і правы чалавека заменяць дыктатуру і тэрор.
Грузінская дэпутатка Эленэ Хаштарыя адзначыла, што масавае супрацьстаяньне рэжыму ўмацавала беларускую нацыянальную самасьвядомасьць — неабходную ўмову вызваленьня Беларусі.
«Мы, грузіны і беларусы, зьяўляемся ахвярамі Расейскай імпэрыі і разам змагаемся за вызваленьне ад яе прыгнёту», — заявіла яна.
Міністэрства замежных спраў Аўстрыі падкрэсьліла, што пяць гадоў таму беларусам было адмоўлена ў дэмакратычным выбарчым праве, і таксама заклікала вызваліць палітвязьняў.
Як адзначыў МЗС Латвіі, пяць гадоў таму беларускі народ «сьмела і выразна выказаў падтрымку дэмакратыі, свабодзе і незалежнасьці». Грамадзяне «сутыкнуліся з рэпрэсіямі і непавагай да правоў чалавека, многія былі заключаныя ў турму». «Латвія падтрымлівае народ Беларусі на шляху да дэмакратыі і патрабуе неадкладнага вызваленьня ўсіх 1.180 палітвязьняў», — гаворыцца ў заяве.
Старшыня Эўракамісіі: калі настане момант дэмакратычнага пераходу, Эўрапейскі Зьвяз будзе гатовы
Старшыня Эўрапейскай камісіі Урзуля фон дэр Ляен напісала ў сацсетцы Х, што «пяць гадоў пасьля сфальсыфікаваных выбараў у Беларусі наша падтрымка беларускага народа застаецца непахіснай».
«Мы не спынімся, пакуль кожны з больш чым 1000 палітвязьняў не будзе вызвалены. Пакуль не будуць зьдзейсьненыя дэмакратычныя памкненьні беларускага народа», падкрэсьлівае старшыня Эўракамісіі.
Паводле яе, калі настане момант дэмакратычнага пераходу, Эўрапейскі Зьвяз будзе гатовы.
«Мы застаёмся вернымі свайму абяцаньню мабілізаваць пакет падтрымкі ў памеры 3 мільярдаў эўра для дэмакратычнай Беларусі. Сёньня я выказваю ўсю сваю падтрымку і салідарнасьць усім беларусам. Хутчэй бы настаў дзень, калі вашы надзеі на свабодную і дэмакратычную будучыню нарэшце зьдзейсьняцца».
Эўрапарлямэнт: узмацненьне кантролю Расеі над Беларусьсю ўяўляе сур’ёзную пагрозу для рэгіянальнай бясьпекі
Дэлегацыя Эўрапейскага парлямэнту выступіла з заявай, прымеркаванай пяцігодзьдзю падзей у Беларусі.
У ёй адзначаецца, што 9 жніўня 2020 году беларускаму народу адмовілі ў праве на дэмакратычны выбар прэзыдэнта, бо вынікі выбараў былі сфальсыфікаваныя, а наступныя пасьля гэтага пяць гадоў адзначыліся ўзмацненьнем залежнасьці рэжым Лукашэнкі ад Крамля, бязьлітасным кантролем над усімі аспэктамі грамадзкага жыцьця і ліквідацыяй дэмакратычных інстытутаў.
«Узмацненьне кантролю Расеі над Беларусьсю ўяўляе сурʼёзную пагрозу для рэгіянальнай бясьпекі і сувэрэнітэту Беларусі. [...] Гэтае паглыбленьне залежнасьці значна аслабіла незалежнасьць Беларусі, фактычна ператварыла яе ў дзяржаву-сатэліт Расейскай Фэдэрацыі. Мы рашуча выступаем супраць любога вонкавага ўмяшаньня ў справы Беларусі і пацьвярджаем, што будучыню Беларусі павінен вызначаць выключна яе народ», — адзначаецца ў заяве.
Дэпутаты Эўрапарлямэнту заклікалі Эўразьвяз «падтрымліваць і ўзмацняць ціск на рэжым праз мэтанакіраваныя санкцыі».
«Мы застаёмся нязьменнымі ў сваёй прыхільнасьці да дэмакратычнай і эўрапейскай будучыні для Беларусі. З гэтай мэтай мы будзем працягваць цесна супрацоўнічаць з дэмакратычнымі сіламі Беларусі, грамадзянскай супольнасьцю і міжнароднымі партнэрамі, каб падтрымаць мірны пераход, заснаваны на дэмакратыі, вяршэнстве закону і павазе да правоў чалавека. Гэта ўключае ў сябе пастаянную палітычную, фінансавую і тэхнічную падтрымку незалежных СМІ, праваабаронцаў і дэмакратычных дзеячаў — як у выгнаньні, так і тых, хто працуе пад пагрозай унутры краіны», — адзначаецца ў заяве.
Прэзыдэнт Парлямэнцкай асамблеі NATO: Мы ўшаноўваем незвычайную стойкасьць беларускага народа
«Сёньня мы ўшаноўваем незвычайную стойкасьць і рашучасьць беларускага народа і яго прадстаўнікоў у выгнаньні, якія працягваюць ствараць альтэрнатыўныя інстытуты, рыхтавацца да дэмакратычных пераўтварэньняў, падтрымліваць Украіну ў яе барацьбе супраць агрэсіі Расеі і саўдзелу беларускага рэжыму, а таксама выступаць за будучыню сваёй краіны ў складзе эўрапейскай сям’і», — такую заяву зрабіў прэзыдэнт Парлямэнцкай асамблеі NATO Маркас Перастрэла з нагоды пятай гадавіны прэзыдэнцкіх выбараў 2020 года ў Беларусі.
Перастрэла падкрэсьліў, што пяць гадоў таму беларускі народ пратэставаў супраць фальсыфікацыі выбараў і сутыкнуўся з жорсткім прыгнётам і ўмацаваньнем аўтарытарнага кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі, гэтыя падзеі «вымусілі законных лідараў краіны сысьці ў выгнаньне», але таксама ініцыявалі барацьбу за свабоду, паведамляе інфармацыйнае агенцтва Позірк.
Паводле слоў прэзыдэнта ПА NATO, з тых часоў Сьвятлана Ціханоўская кожны дзень дэманструе прыхільнасьць справе дэмакратычнай Беларусі, пастаянную сілу і адзінства гэтага руху.
Перастрэла падкрэсьліў, што нядаўняе вызваленьне яе мужа, блогера Сяргея Ціханоўскага пасьля пяці гадоў зьняволеньня з палітычных матываў — «яркі напамін пра тое, чаго можна дасягнуць дзякуючы міжнароднай салідарнасьці і пастаяннаму ціску».
«Аднак многія іншыя палітвязьні па-ранейшаму знаходзяцца за кратамі, і мы заклікаем да іх неадкладнага вызваленьня», — адзначыў прэзыдэнт ПА NATO.
Нямеччына і Польшча заклікалі вызваліць усіх палітвязьняў у Беларусі
«У Беларусі за кратамі па-ранейшаму больш за 1.100 палітвязьняў — праз пяць гадоў пасьля сфальсыфікаваных прэзыдэнцкіх выбараў. Яны былі жорстка пакараныя за тое, што выступалі ў падтрымку свабоды, дэмакратыі і правоў чалавека», — адзначаецца ў паведамленьні МЗС Нямеччыны.
МЗС Польшчы, «кіруючыся ідэаламі свабоды і салідарнасьці», «пацьвярджае сваю падтрымку ўсіх грамадзян Беларусі, якія імкнуцца да аднаўленьня вяршэнства права, дэмакратыі і павагі правоў чалавека на сваёй радзіме». Варшава заклікала беларускія ўлады «вярнуцца да выкананьня абавязацельстваў, узятых у сувязі з сяброўствам у ААН і АБСЭ, і вызваліць усіх вязьняў сумленьня, у тым ліку Анджэя Пачобута». «Гэты жэст будзе спрыяць аднаўленьню даверу паміж краінамі Цэнтральнай і Усходняй Эўропы і стабільнасьці ва ўсім рэгіёне», — гаворыцца ў заяве.
Украіна: рэжым Лукашэнкі застаецца пагрозай для Эўропы
Сваю заяву з нагоды пяцігодзьдзя падзей у Беларусі абнародавала міжфракцыйнае дэпутацкае аб’яднаньне «За дэмакратычную Беларусь».
«Сапраўдная Беларусі — гэта не рэжым Лукашэнкі. Сапраўдная Беларусі — гэта беларускія добраахвотнікі, якія абараняюць Украіну ў складзе полку Кастуся Каліноўскага і іншых падразьдзелах Сіл абароны. Гэта беларускія дэмакратычныя сілы, якія пасьлядоўна нагадваюць сьвету пра важнасьць барацьбы з рэжымам», — адзначаецца ў заяве, якую апублікаваў дэпутат Вярхоўнай Рады Аляксей Ганчарэнка.
Украінскія дэпутаты заявілі, што «апошні дыктатар Эўропы канчаткова ператварыўся на крамлёўскага памагатага, які фактычна перадаў тэрыторыю сваёй дзяржавы ў акупацыю Расеі».
«Пакуль рэжым Лукашэнкі не пакараны, Беларусь застаецца крыніцай небясьпекі для Эўропы. Гэта пагроза Кіеву, Вільні, Варшаве, Рызе і ўсёй Эўропе. 2020 год быў шанцам спыніць Лукашэнку раз і назаўсёды — сьвет не скарыстаўся ім. Праз пяць гадоў рэжым Лукашэнка працягвае ўчыняць злачынствы супраць уласных грамадзян і іншых краін і супрацоўнічаць з Расеяй і іншымі аўтарытарнымі рэжымамі — Кітаем, КНДР і Іранам», — падкрэсьлілі дэпутаты.
Фінляндыя, Данія і Нарвэгія выказалі падтрымку народу Беларусі
Салідарнасьць з народам Беларусі, які працягвае «дэманстраваць сілу і рашучасьць перад тварам рэпрэсій», выказала 9 жніўня міністарка замежных спраў Фінляндыі Эліна Валтанен з нагоды пятай гадавіны прэзыдэнцкіх выбараў 2020 года ў Беларусі. Яна заявіла пра падтрымку свабоднай і дэмакратычнай Беларусі.
Міністэрства замежных спраў Нарвэгіі з нагоды гадавіны выбараў-2020 адзначыла, што беларусы выступілі за свабоду і дэмакратыю, але сутыкнуліся з жорсткімі рэпрэсіямі. Нарвэгія заявіла аб цьвёрдай падтрымцы свабоднай, дэмакратычнай і незалежнай Беларусі.
Зьнешнепалітычнае ведамства Даніі падкрэсьліла, што ўсе палітвязьні ў Беларусі павінны быць вызваленыя. Адзначаецца, што Капэнгаген падтрымлівае заяву ЭЗ і салідарны з беларускім народам, які змагаецца за свабодную і дэмакратычную краіну.
Форум